НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.
У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав. ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)